17.03.2016
Сустрэча па-беларуску
Некаторыя дзеці жадаюць атрымліваць адукацыю па-беларуску. Па ініцыятыве бацькоў і пры падтрымцы ўладаў ствараюцца класы з навучаннем на роднай мове. Яны існуюць у Брэсце, Баранавічах, Гродне і іншых гарадах.
Брэсцкія навучэнцы і іх бацькі зацікаўлены ў сяброўстве з аднадумцамі з іншых гарадоў. І вось адбылося першае спатканне брэсцкіх и баранавіцкіх вучняў беларускамоўных класаў.
Францішак Вялічкін з бацькам сустрэў шасцікласніц Ясю і Алісу, якія прыехалі разам з Ясінай маці. Сустрэча пачалася са знаёмства і падарункаў, а цёплая гарбата з цукеркамі выдатна знялі напружанасць паміж дзецьмі.
Брастаўчане Францішак, Алесь і Мікола падрыхтавалі для гасцей відэа-прэзентацыю аб сваім школьным жыцці ў СШ № 29. А бацькі ў гэты час пагаварылі аб планах на будучыню і вызначыліся з накірункамі супрацоўніцтва. “Нам вельмі важна павялічваць колькасць аднадумцаў,- сказала старшыня бацькоўскага камітэту класа, арганізатар сустрэчы Маргарыта Вялічкіна. – Я лічу, што такая практыка можа быць цікавай не толькі дзецям, але і настаўнікам”.
Класны кіраўнік 5-га ”Г” Ніна Палякова прапанавала музычную хвілінку: дзяўчынкі з Баранавіч разам з берасцейскімі хлопцамі выканалі беларускія песні. Потым дасведчаны педагог расказала аб лёсе сваіх вучняў, якія атрымалі адукацыю на беларускай мове. “Усе яны вельмі добра ўладкаваліся ў жыцці, і шмат хто з іх займае даволі высокія пасады. Беларуская мова паспрыяла іх прафесійнай кар’еры і бізнэс-сувязям з замежжам”, - падкрэсліла Ніна Мікалаеўна.
Працягнула размову Маргарыта Вялічкіна, якая адзначыла, што ў Брэсце даволі шмат жадаючых аддаць сваіх дзяцей у клас з беларускай мовай навучання, але яны не ведаюць, куды звяртацца. “Улада зацікаўлена ў пашырэнні беларускамоўнага навучання, усе мы бачым больш рэкламы на нашай мове на вуліцах, расце попыт на беларускую культуру як у нашай краіне, так і за мяжой. Наш клас запрашаюць у госці, мы ўжо ездзілі ў Польшчу і Чэхію, нас клічуць ва Ўкраіну. Мы з задавальненнем наладжваем кантакты. Зацікаўленыя заўжды могуць звярнуцца да мяне на кансультацыю па нумары тэлефона: 8 (029) 795 29 63 ці пашукаць інфармацыю па гэтай тэме на сайце брэсцкага беларускамоўнага класа на vydatnik.brestspring.com, - сказала Маргарыта Міхайлаўна.
“У Харкаўскім універсітэце імя Скаварады ствараецца факультэт беларускай філалогіі”, – падтрымаў размову бацька Францішака. – “І ўніверсітэт цікавіцца магчымасцямі супрацоўніцтва з беларускім класам у Брэсце і нашым універсітэтам”.
Пасля насычанай размовы дзеці з бацькамі накіраваліся з экскурсіяй на вуліцы Савецкая і Гогаля, наведалі краязнаўчы музей, “аптэку Грынберга” і пакой памяці Высоцкага.
Дзень знаёмства скончыўся позна вечарам, дзеці былі стомленыя, але задаволеныя сяброўствам і шчыльным графікам. Сустрэча атрымалася вельмі душэўная, хочацца спадзявацца, што яна паспрыяе далейшаму станаўленню добразычлівых адносінаў паміж беларускамоўнымі класамі.
http://bvn.by/news/kultura/sustrecha-pa-belarusku-/