17.11.2015
Аншлаг, яшчэ аншлаг - беларуская мова загучала на падляшшы
Грамадская арганізацыя Мясцовых Ініцыятыў Тлушчац, што ў гміне Мендзыжац Падляскі, запрасіла дзяцей адзінага ў Берасці беларускага кляса на нацыянальнае свята Дзень Аднаўлення Незалежнасці 11 лістапада.
Вучні 5 “беларускага” класа, што ў СШ 29 г.Брэста, доўга рыхтаваліся да паездкі ў Польшчу. Клас, у якім усе вучні хлопцы, у поўным складзе напацягу месяца старанна наведваў урокі музыкі і рыхтаваў вершы прысвечаныя лістападаўскім паўстанням.
І вось увечары 9-га лістапада беларускі клас разам з бацкамі і 2 настаўнікамі беларускай мовы, адна з якіх іх класны кіраўнік, прыбылі ў Тлушчац. Мясцовы Солтыс, пан Кшыштоф Вэнгжыняк, гасцінна сустрэў гасцей і азнаёміў з “харцоўкай”, месцам дзе мелася жыць частка гасцей з Беларусі.
Харцоўка – гэта дзьвух-павярховая цёпла натопленая хатка побач з домам ксяндза. Звычайна гэтая хатка выкарыстоўваецца дзеля размяшчэння харцэраў падчас іхніх мерапрыемстваў.
Солтыс пазнаёміў новых жыхароў “харцоўкі” з умовамі пражывання, з добра абсталяванай кухняй і на развітанне адкрыў лядоўню поўную харчоў і сказаў: “Калі забракне – званіце...”
Настаўніц і арганізатараў паездкі размясцілі ў сем’ях.
Раніцай 10 лістапада госьці з Беларусі сустрэліся ў мясцовай бібліятэцы, адкуль дзеці беларускага класа разам са сваім класным кіраўніком Нінай Паляковай адправіліся ў Тлушьчацкую базавую школу на заняткі, а бацькі дзяцей на экскурсію ў Мендзыжэц Падляскі.
Спачатку бацкі беларускіх вучняў наведалі музычную школу. Сакратарка школы Вяслава Кавальчык разам з бугалтарам Эвай Дамброўскай сустрэлі гасьцей і паказалі школу. Гаспадарам ёсць чым ганарыцца, школа месьціцца ў добра адрастаўраваным старадаўнім будынку, які за даўнім часам выкарыстоўваўся як фурманкавая (гараж для фурманак і брычак) пры палацы Патоцкіх. У школе навучаецца 86 вучняў. Яны прыходзяць на заняткі па музыцы і спевах у вольны ад асноўных заняткаў час. Умовы для навучання створаныя выключна добрыя.
Вольга Цярэшчанка, настаўніца беларускай мовы з Гомеля, між іншым кіраўнік дзіцячага ўзорнага хора “Амялушкі”, была у захапленні ад школы: “Музычная школа ў Мендзыжцэ-Падляскім , якую я і вучні з бацькамі з Брэста наведалі, здзівіла нас сваім рамонтам і прадуманасцю ўсяго, што тычылася навучальнага працэсу.Па словах сакратаркі, якая праводзіла экскурсію, у рамонт укладзена 1 млн. еўра. Ахайнасць работы будаўнікоў і якасць матэрыялу прыемна ўражваюць.Так бы мовіць, наводзяць на супастаўленне "як у іх і як у нас".Адзін з бацькоў, будаўнік па адукацы, сказаў, што пабачанае намі ў Польшчы каштавала б у Беларусі ў 10 разоў болей.
Закругленыя куты на калідорах і ў каласах, высокаякаснае пакрыццё і кафля, каляровая гама ў класах і на калідорах, наяўнасць музінструментаў знакамітых фірм, а таксама і высокаякаснай электраапаратуры выклікала жаданне паспрабаваць "агучыць" наша знаходжанне ў сценах на вучальнай установы, што з прыемнасцю я і зрабіла. І як вынік - цудоўная акустыка, незалежна ад паверха і памераў класа.
На паддашы абсталяваны клас рытмікі, дзе вучні маюць магчымасць не толькі танчыць, але і ўдасканальваць самыя цяжкія рытмы.
Камп'ютарны клас у музычнай школе..... Для чаго? - запытаеце вы. Аказваецца для вырашэння задач па сальфеджыа і гармоніі, а таксама для індывідуальнага праслухоўвання музыкі.
Кожны клас абсталяваны дошкай з накрэсленым нотным станам для тэарэтычнага тлумачэння настаўнікам матэрыялу. Прычым, ёй абсталяваны як класы для індывілуальных заняткаў, так і групавыя класы. Настаўнік музыкі мае магчымасць у сваім класе распрануцца (ёсць шафа), паглядзецца ў люстэрка, папіць гарбаты.Дарэчы, мы былі прыемна здзіўлены наяўнасцю ў музшколе кухні, дзе можна разагрэць ежу, прыгатаваць гарбату ці каву, пасядзець за сталом і памыць посуд.... не ў прыбіральні, як у нас, а проста там жа ў кухоннай ракавіне з нержавейкі. І за гэта ніякія МНС-нікі не штрафуюць нікога. Усё для ГОДНАЙ працы чалавека і камфортнага знаходжання на працы. А як вынік - выніковасць у працы з вучнямі: узнагароды на гмінных, воеводскіх і рэспубліканскіх конкурсах. Некаторыя выпускнікі школы – знаныя ў рэспубліцы музыкі.
Завяршылася экскурсія па школе наведваннем грабавай алеі, дзе так любілі ў свой час адпачываць графы Патоцкія са сваімі сем'ямі і гасцямі.
Адчулі гэты дух і мы. А самае галоўнае - на свае вочы пабачылі стаўленне палякаў да сваёй культуры і перад усім да музычнага мастацтва. І гэта ў горадзе, дзе ўсяго 17 тыс. насельніцтва.
Скажу шчыра: не хацелася сыходзіць і з'язджаць адтуль.А гэта - самы галоўны паказчык у любой вандроўцы”.
Далей нам паказалі палац Патоцкіх. У палацы пачыналісь рэстаўрацыйныя працы, будынак планавалася перадаць у распараджэнне месскага Дома Культуры. Работнікі якога правялі па палацы экскурсію. Планіроўка палаца ў месцы дзе месціліся кабінеты і спальні графа і графіні асабліва захапіла жанчын, бо граф мог падняцца да графіні па адмысловых сходах на вяршыні якой былі дзверы, і не факт, што графіня заўжды хацела ўпушчаць да сябе графа… Сам жа лёс маладых графа і графіню напаткаў цяжкі. Пасля падзелу Польшчы ў 1939 годзе паміж Нямеччынай і Расеяй маладога графа афіцэра забілі ўкраінскія нацыяналісты. Графіня выехала ў Аўстыю, дзе яе адправілі ў канцлягер… Яна выжыла, але ў свой маёнтак патомкі больш не вярнулісь, адмовілісь ад правоў уласнасці, бо ўсё было разрабаванае, і з рэшткаў маёнтку немагчыма было здабыць сродкі на ўтрыманне палаца.
Пасля палаца мы пайшлі ў касцёл Святога Мікалая, які мае амаль 500-гадовую гісторыю. Побач з касцёлам расце вельмі прыгожы велічны дуб, якому хутка будзе 300 гадоў! На сцяжынцы да касцёлу ляжаць валуны на якіх выбітыя біблейскія запаведзі, а на адным з валуноў ёсць сонечны гадзіннік, ксёндз-пробашч Юзеф запэўніў нас, што гадзіннік вельмі дакладны і запрасіў нас на каву...
Бацькі пабачылі сваіх дзяцей толькі ў бібліятэцы куды прыехалі на абед і тыя амаль адразу ж пачалі абменьвацца ўражаннямі: “Тата, нам пляскалі ў далоні! Мы разам гулялі ў гульні. Дзяўчаты нам пірог спяклі, нам не дазволілі дапамагаць, сказалі, мы думалі, дзяўчаты будуць...”, - казаў Францішак.
Янка Фралоў таксама распавядаў дарослым: “Нам паказалі школу. Там было цікава ўбачыць як вучацца польскія хлопцы і дзяўчаты. Спачатку ў школе нам паказалі дзіцячы садок. Потым мы пайшлі ў першы клас, затым у чацьвёрты, з гэтага класа мы пайшлі ў клас замежнай мовы. Там ў нас пыталісь на польскай мове, а мы адказвалі на беларускай і мы гулялі ў гульні”.
“ А мне спадапалася, як мы з Ваняй выступалі ў вышыванках.І пасля выступлення нам падаравалі падарункі нават тым, хто не выступаў.У школе мы гулялі ў эстафеты. Эстафеты называліся 1-ы прабег, 2-і прабег, боўлінг.Мне усё спадабалася! ” – завершыў Францішак.
Класны кіраўнік Ніна Мікалаеўна падзялілася ўражаннямі аб польскай школе: “Нас ветліва сустрэла намеснік дырэктара Ёана Аляксюк. Школа невялікая, двухпавярховая, навучаецца каля сотні вучняў, але ўсё ў ёй зроблена дбайна, з любоўю да дзяцей. Зручная мэбля, утульныя прадметныя кабінеты, у якіх шмат табліц, дэдактычных матэрыялаў, сучасныя дошкі, кампутары. А самае важнае, гэта людзі, якія тут працуюць, і вучні.
Дзеці паўсюль дзеці. Хутка знайшлі паміж сабой разуменне без перакладчыкаў. З беларускай мовай перакладчык не патрэбны... Расказвалі пра сябе польскія дзеці па-польску, а беларускія вучні па-беларуску і па-польску. Мераліся сіламі па ведах і ў спорце. Перамагалі і тыя і другія.
Самым важным для вучняў Тлушчацкай школы ў гэты дзень было мерапрыемства прысвечанае нацыянальна-вызваленчаму руху. Варта адзначыць у польскіх дзяцей можна павучыцца патрыятызму. Шмат вершаў і песен пра абаронцаў незалежнай Айчыны прагучала ў школьнай зале. У паводзінах вучняў, у інтанацыі чуліся гонар і пашана да тых, хто не пашкадаваў жыцця дзеля вольнай краіны.
Вельмі ж хацелася хлопчыкам і дзяўчынкам з Польшчы паслухаць выступленне сваіх беларускіх сяброў. Таму, калі выйшлі на сцэну Францішак Вялічкін і Янка Фралоў, зала выбухнула воплескамі.
Пакуль хлопчыкі спаборнічалі ў спрыце і фізічнай падрыхтоўцы, дзяўчаты спеклі пірог. На развітанне селі за стол пачаставацца пірагом.
Калі я назірала за дзецьмі ў вочы кінулася, як шмат агульнага ў гэтых дзяцей, хоць жывуць у розных дзяржавах. Такая сустрэча ўзбагаціла дзяцей новымі ведамі і гульнямі, Францішак навучыў польскіх дзяцей новай для іх гульнёй “Цішэй едзеш – далей будзеш”...
На развітанне дырэктар школы Эльжбета Дэмчук урачыста ўручыла Францішку, Янку і Міколку падарункі (не забыліся і аб Алесю, які не прыехаў, бо захварэў) і запрасіла прыяжджаць яшчэ...”
У другой палове дня ў памяшканні мясцовай пажарнай дружыны адбыліся падвядзенне вынікаў конкурса па гісторыі “Тое, што перажыло адно пакаленне, другое перажывае ў сэрцы і памяці” і ўзнагароджанне пераможцаў. На мерапрыемстве прысутнічаў войт гміны Кшыштоф Адамовіч... Пасля заканчэння адбыўся канцэрт, які зладзілі вучні Тлушчыцкай школы. Беларускія дзеці таксама ўзялі ў ім удзел. Беларусікі прасьпявалі беларускую народную песьню “На вуліцы мокра”. Зала выбухнула авацыямі... і адбылося нечаканае для бацькоў беларускіх дзетак, дзеці ўзялі на сябе ініцыятыву, самі настроілі абсталяванне і выканалі яшчэ адну беларускую песьню на верш Я. Купалы “Замкавая гара” на музыку берасцеца А. Мядзведзева, гэтым разам з падтанцоўкамі. Усе былі ўражаныя. Далей выступіла Вольга Цярэшчанка, якая ня проста спявае і грае на гітары, а смела можна сказаць з’яўляецца “залатым голасам” Беларусі. Канцэрт працягнуўся далей, акрамя польскіх ізноў загучалі беларускія песні... Вечар скончыўся супольнымі спевамі пад караокэ.

11 лістапада ў першай палове дня, адпаведна пляну, які склаў Солтыс Тлушчаца, і з ім на чале група беларусаў наведала коне-завод у Янаве-Падляскім. Там нас сустрэла пані Аня, якая павяла нас у канюшні, спачатку да жарабцоў, потым да кабыл, потым да жарабятак... Мы даведалісь, што коні вельмі дарагія, пераважна “арабы”, за апошняга прададзенага каня канюшня атрымала паўтары мільёны эўра.
Маладыя коні гарцавалі ў прасторных загонах задраўшы хвасты, як на беларускім гербе “Пагоня”, здавалася, што яны танцуюць. Бачна было, што конікам добра і весела, нягледзячы на пахмурны дзень.
І бацькам і дзецям у канюшнях вельмі спадабалася, коні былі выключна спакойныя і прыязныя, склалася ўражанне, што гэта не коні, а кацяняткі, да якіх можна дакранацца і песціць... Мы на ўласным досведзе пераканаліся, што ўжо сама камунікацыя з канямі ўжо лечыць.
Янка Фралоў ёмка і дакладна апісаў свой візіт у канюшні: “Нас павязлі паглядзець каней. Адзін хацеў аблізаць мяне, а Францішак даваў ім цукар. Мне вельмі спадабалася”.
У другой палове дня Беларуская група узяла ўдзел у гмінных ўрачыстасцях прысвечаных нацыянальнаму святу Дзень Аднаўлення Незалежнасці 11 лістапада, якія былі арганізаваныя і праводзіліся ў гімназіі ў Кшывіцы.
Вялізная канцэртная зала гімназіі была перапоўненая. Вучні, бацькі, грамадзкія дзеячы, кіраўніцтва раёна і дэпутаты мясцовых саветаў і нават парламенту сабраліся ў зале.
Вечарыну вёў між іншымі войт гміны Кшыштоф Адамовіч, які павіншаваў усіх прысутных на свяце, адмыслова згадаўшы беларускую дэлегацыю, прычым выказаў захапленне беларускай спявачкай Вольгай Цярэшканка і спадзяванне яшчэ раз пачуць яе цудоўны голас, гэтым разам перад больш шырокай аўдыторыяй.
Распачалася ўрачыстасць з унясення ганаровага штандара на залу і спеву нацыянальнага гімна. Потым было ўручэнне грамат “Ганаровы грамадзянін гміны і места Мендзыжэц-Падляскі”. Лепшыя людзі раёна, перавжна солтысы адзін за адным выходзілі перад залай і напрыканцы гэткай часткі ўрачыстасці “ганаровыя грамадзяне” зрабілі агульны здымак на памяць аб гэтай падзеі.
У другоў частцы вучні школ гміны прадставілі 120-гадовую гісторыю барацьбы польскага народа за сваё вызваленне ад Пруска-Расейска-Аўстрыйскіх захопнікаў, ўнёску і ахвярах іх продкаў і сваякоў на шляху да незалежнасці Польшчы. Ушанавалі ахвяр усіх бакоў узброеных канфліктаў на тэрыторыі гміны. Потым распачаўся канцэрт падрыхтаваны вучнямі школ, аўдыторыя спявала разам са школьнікамі. Апагеем вечарыны стаў выступ беларускай спявачкі Вольгі Цярэшчанка. Францішак у вышыванцы ўсталяваў пюпітр і ў зале загучала беларуская песня: “Запяі мне песню”, “Гарэла сосна”, “Свае руны мне не вышыць”, “Маналог паўстанцкага каня”, “Я”, “Паланэз” і іншыя. Канцэрт зацягнуўся дапазна, народу ў зале паболела, не змаўкалі авацыіі...
На развітанне ўзрушаны войт гміны выказаў пажаданне і надалей запрашаць нашу беларускую групу на мерапрыемствы ў гміне...
Урачыстасці скончылісь. Надышла пара вяртацца. Наступнага ранку на развітанне гаспадары і госці сабраліся, як заўжды, у вясковай бібліятэцы, якая, як мы пабачылі, не толькі кніжкі выдае пачытаць, але аб’ядноўвае ўсю мясцовую супольнасць падчас разнастайных мерапрыемстваў. Падзялілісь уражаннямі. Як заўжды не хацелася развітвацца. Гасцінныя палякі пашкадавалі, што гэтым разам не было дзяўчынак, якіх памяталі па мінулым візіце беларускага класа ў Тлушчац.
Бацку Янкі Сяргею, як і ўсім нам, паездка спадабалася: “Было вельмі цікава ў першы раз паехаць на такое мерапрыемства. Нас вельмі цёпла сустрэлі. На раніцу нам зладзілі цікавую экскурсію ў касцёл, дзе нас з радасцю сустрэў ксёнз, а вечарам быў канцэрт, дзе выступалі нашы дзеці. Польская публіка вельмі добра сустрэла нашы беларускія песні, што пакінула вельмі сярдэчныя ўражанні на душы”.
Мы ж для сябе зрабілі высновы, што носбіты беларускай мовы і культуры выклікаюць павагу і зацікаўленасць да нашай краіны.