30.11.2016
У школе з беларускамоўным класам Брэста запусцілі літаратурны праект да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання
Наступны 2017 год абвесцілі Годам 500-годдзя кнігадрукавання. Менавіта такі час прайшоў з таго моманту, калі Францыск Скарына ў Празе выдаў на друкарскім станку першую кнігу «Псалтыр». І праз пяць стагоддзяў кніга нас бароніць і пра нас апавядае.
Думка аб праекце «Літаратурныя скрыжаванні» нарадзілася ў сярэдняй школе № 29 Брэста ў 2016 годзе. Гэта было пасля першай памятнай сустрэчы вучняў і настаўнікаў з дзіцячым пісьменнікам Іванам Мельнічуком, паэтамі Васілём Дэбішам і Янінай Грыгаровіч, якія сваімі творамі ўразілі школьнікаў. Мэта праэкту – далучыць дзяцей да кнігі, беларускай літаратуры, гісторыі і культуры, бо сёння яны занадта занятыя камп’ютарамі і мабільнымі тэлефонамі, а сапраўднае жыццё быццам праходзіць міма.
Цікава, што менавіта ў гэтай школе знаходзіцца адзіны ў Брэсце беларускамоўны 6 «Г» клас. У ім вучацца чатыры хлопцы: Францішак Вялічкін, Мікалай Душкевіч, Аляксандар Піліповіч і Іван Фралоў. Класны кіраўнік, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Палякова, распавяла, што яе вучні ў жніўні-верасні прымалі ўдзел у відэапраекце «Чытаем літаратуру Берасцейшчыны», на якім чыталі вершы мясцовых літаратараў.
На мінулым тыдні ў гэтай школе адбылося свята творчых зносін: да школьнікаў на «Літаратурныя скрыжаванні» з Мінска прыехалі паэтка Антаніна Хатэнка і спявачка Таццяна Грыневіч, на сустрэчу з якімі ў актавай зале сабралася каля 200 вучняў сярэдніх і старэйшых класаў навучальных устаноў Маскоўскага раёна Брэста. Адкрыў сустрэчу дырэктар школы Сяргей Саўчук, а працягнула яе намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Ніна Дрык: «Мы дакранемся да багацця роднага слова, да сакрэтаў музыкі. Музыка і словы выхоўваюць у душах людзей самыя шчырыя пачуцці.... Гэта толькі пачатак нашых сустрэч. А далей мы будзем прыходзіць у гэтую школу, сустракацца з цікавымі людзьмі, даведвацца пра нешта новае і адчуваць сябе сапраўднымі беларусамі».
У сваю чаргу сталічныя госці падрыхтавалі цікавую культурную праграму, напоўненую любоўю і гонарам за Беларусь, яе славутую гісторыю і тых, хто пакінуў адметны след у літаратуры. «Свята нашай сустрэчы – свята дня нараджэння нашага непаўторнага і адзінага Уладзіміра Караткевіча, – казала Антаніна Хатэнка. – Ён вывеў літаратуру і слова, мысленне, годнасць, мудрасць і нашу гістарычную існасць на ўсе абсягі свету… Як толькі чалавек пасылае слова ў прастору, яно вяртаецца адказам ад продкаў, хто хадзіў па гэтай зямлі, араў, ваяваў, абараняў, сябраваў, тварыў… Мы такія, як пра нас кажа гісторыя, занатаваная ў кнігах».
Спявачка Таццяна Грыневіч дапоўніла паэтку сваім высокім і чыстым голасам і выканала раманс на словы Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы». У школьнай зале гучалі таксама «Зорка Венера», «Мой родны кут» і паланэз Агінскага.
Свае шчырыя вершы чытала Антаніна Хатэнка, у якіх вяртала кожнага да сябе, да Беларусі. «Я радуюся, што ў вашай школе беларускі клас, які мае гонар гаварыць, мысліць, адчуваць па-беларуску, – адзначала яна. – І чым больш такіх класаў, такіх кропачак будзе расыпана па Беларусі, тым больш у нас з’явіцца годнасці, гонару, упэўненасці. Караткевіч казаў: «Хто забыў сваіх блізкіх – той сябе згубіў, хто забыў сваю мову – усё згубіў».
Сталічныя госці прапанавалі вучням літаратурна-гістарычную віктарыну. Найбольш актыўным удзельнікам падарылі чырвоныя плакаты, прысвечаныя 500-годдзю друкарства ў Беларусі.
Вучні беларускамоўнага класа ў нацыянальных касцюмах выканалі для гасцей песню «Замкавая гара» на верш Янкі Купалы і музыку берасцейца Анатоля Мядзведзева. Мінчанкам урычылі кветкі, і тут паэтка Антаніна Хатэнка нечакана абвесціла, што хоча аддаць кветкі таму школьніку, хто гатовы з наступнага, а можа і з гэтага года прыйсці ў беларускі клас. Кветкі з яе рук атрымаў Глеб Цвяткоў. У наступны раз у школе плануюць арганізаваць сустрэчу з аўтарам і вядучым перадачы «Падарожжы дылетанта» Юрыем Жыгамонтам.
Цяпер беларуская мова гучыць па радыё і тэлебачанні, яе можна часцей пачуць на вуліцах, у грамадскім транспарце. У крамах і на базарах пашыраецца рэклама на роднай мове… Старэйшае пакаленне памятае часы, калі ўсе прадметы ў большасці школ рэспублікі – нават матэматыка, фізіка і астраномія – выкладаліся на беларускай мове. Сучаснае пакаленне цяпер таксама больш, чым раней, жадае адчуваць сябе беларусамі.
http://bvn.by/news/kultura/u-belaruskamo-nym-klase-bresta-zapustsili-litaraturny-praekt-da-500-goddzya-aychynnaga-knigadrukavan/