22.08.2015
У Брэсце ідзе набор вучняў у 5 клас з беларускай мовай навучання
Набор у клас адбывацца ў сярэдняй школе № 29. Некалькі заявак у клас ужо пададзеныя. Мы пацікавіліся ў бацькоў, чаму менавіта яны абралі 29 школу. Распавядае Маргарыта, маці Францішка Вялічкіна, які вучыўся па-беларуску з першага па чацвёрты клас у ПШ № 34:
“Наш сын скончыў пачатковую школу з беларускай мовай навучання. І пасля выпуску перад намі паўстала пытанне выбару школы. Мы наведалі некалькі школ горада, у спыніліся на школе № 29. Па-першае, школа нам спадабалася сваімі профільнымі прадметамі: англійскай мовай і матэматыкай. Па-другое, былі прыемна ўражаны адданасцю настаўнікаў да сваёй працы. Гэта школа з моцнымі традыцыямі і з моцным педагагічным складам. Таму ў нас вялікія спадзяванні і чаканні ад навучальнага працэсу.
Я б не раіла бацькам баяцца таго, што прадметы будуць выкладацца па-беларуску. Веданне моў развівае дзяцей, у іх няма нейкіх бар’ераў, страхаў ці стэрэатыпаў як у нас у дарослых. Досвед маіх старэйшых дзяцей, паказвае, што яны больш адкрытыя да свету, больш запатрабаваныя ў свеце, і дасканалае валоданне беларускай мовай ім ніколіі ў жыцці не замінала, наадварот, дапамагала, асабліва пры вывучэнні замежных моваў.
Зараз у Беларусі назіраецца тэндэнцыя да больш шырокага ўжывання беларускай мовы. Ужо сёння можна ўбачыць надпісы беларускай лацінкай на вакзалах і вуліцах вялікіх гарадоў. Павялічылася колькасць рэкламы па беларуску. Развіваецца беларускамоўная літаратура, Беларускія спартоўцы сусветнага маштабу як Аляксандра Герасіменя, Аліна Талай, Віталь Гуркоў выказваюцца ў падтрымку беларускай мовы, размаўляюць на ёй і не хаваюць, што беларуская мова з’яўляецца візітоўкай нашай краіны. Яны перакананыя, што чалавек, які валоднае роднай мовай годна будзе абараняць інтарэсы нашай краіне не толькі на спартыўнай пляцоўцы, але і на міжнароднай арэне.
Веру, што беларуская мова знойдзе годнае месца і ў будучыні, калі мы разам са сваімі дзецьмі прыкладзем да гэтага намаганні”.