30.08.2013
Як беларусы вывучаюць родную мову на Радзiме i за мяжой
1 верасня – Свята беларускага пісьменства

У студзені бягучага года ў Маскве распачаліся заняткі па вывучэнні беларускай мовы. Беларуская журналістка Кацярына Кібальчыч стала аўтаркай цікавага праекта «Мова ці кава». Яго сутнасць у тым, што ў адным са сталічных кафэ, у разняволенай, «сямейнай» атмасферы сустракаюцца выкладчыкі і навучэнцы. Заняткі нагадваюць спрэчкі аднадумцаў, тэлевізійнае шоу і маленькі спектакль адначасова. На першую сустрэчу прыйшлі каля ста чалавек (і не толькі этнічныя беларусы), што стала нечаканасцю для саміх арганізатараў. Да праекта мае непасрэднае дачыненне і Васіль Дранько-Майсюк – артыст аднаго з маскоўскіх тэатраў і сцэнарыст (дарэчы, сын вядомага беларускага пісьменніка Леаніда Дранько-Майсюка). Ці адновіцца праект, які знайшоў паслядоўнікаў і ў Мінску, пасля летніх «канікулаў»?
Васіль Дранько-Майсюк, адзін з натхняльнікаў праекта «Мова ці кава»:
– Праект абавязкова будзе працягвацца ў Маскве і ў Мінску. Народу падабаецца. Да нас прыходзяць не толькі беларусы, якія жывуць у Маскве, але і людзі з розных рэгіёнаў Расіі. Мы абмяркоўваем цікавыя сацыяльныя тэмы, усё адбываецца вельмі дынамічна, рухава, з элементамі тэатралізацыі. Час таксама зручны – у аўторкі, а восьмай вечара. Часцей за ўсё мы збіраемся ва ўтульнай кавярні на Кузнецкім мосце. Акрамя Кацярыны Кібальчыч і мяне, у праекце задзейнічана сацыёлаг Вольга Вербіловіч, якая добра ведае мову. Для нас гэта нейкі радасны момант у Маскве, які сведчыць, што мы не толькі зарабляем тут грошы. Хутка адбудзецца адкрыццё новага сезона. За нашымі навінамі можна сачыць на афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку.
Выключна па-беларуску
Яшчэ адзін асяродак беларускасці за мяжой – II Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў польскім горадзе Бельску-Падляшскім. Ён быў заснаваны ў верасні 1944 года і месціўся ў сціплым драўляным памяшканні, а цяпер гэта прыгожы будынак у цэнтры горада, побач з паркам і гарадской управай. Дырэктар ліцэя спадар Андрэй Сцепанюк родам з вёскі паблізу. Ён скончыў той жа ліцэй, у якім цяпер працуе, а пазней Варшаўскі ўніверсітэт (кафедра беларускай філалогіі). Росквіт ліцэя прыйшоўся на 1980-я – пачатак 1990-х гадоў. У нацыянальных рэйтынгах устаноў адукацыі ён неаднаразова займаў верхнія радкі. Як уплывае стан роднай мовы ў Беларусі і аслабленне стасункаў з ёю на сітуацыю ў ліцэі?
Андрэй Сцепанюк, дырэктар II Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча:
У гэтым навучальным годзе да нас прыйдуць звыш 320 вучняў (у першы клас ліцэя пасля заканчэння пачатковай школы паступаюць маладыя людзі 1997 года нараджэння). Калі ў мінулым годзе на вывучэнне беларускай мовы адводзілася па тры гадзіны ў кожным класе – з першага па трэці, то цяпер у другім класе дабавілася дадаткова адна гадзіна. Да таго ж з 2015 года больш строгім стане экзамен па беларускай мове. Калі зараз вучні рыхтуюць прэзентацыю па выбранай тэме, то праз два гады яны будуць адказваць па білеце, што вымушае лепш рыхтавацца. Што датычыць падручнікаў, то мы не маем ніякай праблемы. Добра, што іх пішуць настаўнікі-практыкі, а затым выдае Міністэрства адукацыі Польшчы. Вынік нашай працы галоўным чынам абумоўлены тымі магчымасцямі, якія даюць польскія ўлады, і тым, што здолеем зрабіць самі. Маем стасункі з беларускай амбасадай і консульствам у Беластоку. Маглі б супрацоўнічаць са школай у Брэсце. Але толькі з той, дзе навучанне вядзецца выключна па-беларуску, дзе ганарацца беларускай мовай.
Пяцёра смелых
У Брэсце два гады назад падзеяй стала адкрыццё ў пачатковай школе № 34 беларускамоўнага класа. Выкладанне ўсіх прадметаў тут вядзецца па-беларуску. Гэта адбылося дзякуючы намаганням бацькоў, якія пажадалі, каб іх дзеці авалодалі роднай мовай. Увесь клас – пяць дзетак. Іх першай настаўніцай стала Лідзія Уладзіміраўна Міранюк. Якія змены адбыліся тут за два гады навучання?
Аксана Івашова, дырэктар пачатковай школы № 34 г. Брэста:
– Колькасць вучняў у беларускамоўным класе засталася тая ж – пяцёра дзетак. Змянілася толькі настаўніца. З мінулага года ў класе працуе Таццяна Мікалаеўна Машнова. Падручнікамі аддзел адукацыі Маскоўскага раёна Брэста забяспечвае своечасова. Асноўныя цяжкасці звязаны з тым, што ў большасці сем´яў гавораць па-руску. Калі моўнай падтрымкі няма дома, дык і ўрок успрымаецца па-іншаму. Вельмі натуральна, свабодна валодае мовай Валя Божык. Яно і зразумела: дома ў яе ўсе гавораць па-беларуску. Тым не менш з усімі бацькамі ў нас добры кантакт, калі трэба, яны заўсёды гатовы дапамагчы. І праграму дзеці засвойваюць добра: кожны па сваіх магчымасцях. Пытанне паўстане праз два гады, калі бацькам разам з дзецьмі давядзецца вырашаць, дзе працягваць адукацыю ў пятым класе. Ці захочуць дзеці пайсці ў адну школу? І ці ў стане будзе аддзел адукацыі забяспечыць ім умовы для далейшага навучання на беларускай мове?