09.10.2013
У беларускай Празе пабывалі вучні і іх бацькі з Брэста
Нядаўна, перад новым навучальным годам, вучні з 3Б”, беларускамоўнага класа пачатковай школы №34 г. Брэста, з iх бацькамі наведалі Чэхію. Гэта была першая спроба наладзіць сувязі з беларускай дыяспарай цудоўнай краіны.

Мы падарожнічалі на самаходзе праз Польшчу з начоўкай недалёка ад чэшскай мяжы, у ваколіцах Садоў Дольных, ва ўтульнай “Карчме ў Мацея”. Там мы спякотным днём на дарожку паплёскаліся ў цудоўным “трапікальным” басейне. Потым ехалі сярод маляўнічых гор, натрапілі на стары замак у мястэчку Болькаў, дзе калісьці княжыў Болька ІІ. Замку аж 700 гадоў, але добра захаваліся яго вежы і гарматы, якія можна было аблазіць і памацаць.
Адзначу адразу: у Празе, паўсюль, дзе нашыя дзеткі-беларусы паяўляліся ў нацыянальных строях, яны прыцягвалі ўвагу і выклікалі асабліва прыязнае стаўленне мясцовых жыхароў да маленькіх гасцей. Тут мы перш-наперш пазнаёміліся з Беларускім Домам -- адмысловым моладзевым гатэлем. Гаспадыня гатэля – нашая зямлячка спадарыня Алена. Яна распавяла нам самыя розныя дзівосы аб жыцці ў сталіцы Чэхіі, адкуль апошнім часам уся прамысловасць вынесена па-за яе межы. Сёння гэта экалагічна чысты горад, у якім шмат турыстаў, але няма бяздомных сабак і катоў, дзе дзяржава нават даплочвае жыхарам нейкую суму на ўтрыманне хатніх жівёлін.
А ў Старым горадзе Прагі нашы дзеці пабачылі дзядзьку-чэха, які пускаў з нейкіх прыладаў метровыя бурбалкі на пацеху мінакоў. Ужо праз хвіліну дзеткі завалодалі прыладамі і пускалі 2 -- 3-метровыя бурбалкі, пакуль мыла ў вядры не скончылася. Адрозненне беларускай і чэшскай моваў не стварыла перашкоды ў паразуменні з мясцовым жыхаром.
У Празе мы пазнаёміліся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Чэхіі: Віталем Цімошчанкам і Андрэем Гайко, якія паказалі нам “Клубоўню” – месца, дзе збіраюцца беларусы, што там жывуць. Яны расказалі пра сваю грамадскую дзейнасць, зрабілі для беларускіх гасцей экскурсію па Празе: паказалі Карлаў мост, Старамесцкую і Парахавую вежы, знакаміты пражскі гадзіннік – Арлой.
Брэстчане ля помніка славутаму земляку Францыску Скарыне
У Празе шмат мясцінаў, звязаных з гісторыяй Беларусі, і Віталь з Андрэем пазнаёмілі нас з “беларускай Прагай”. Брэсцкія деткі і іх бацькі наведалі помнік і памятную мемарыяльную дошку Францыску Скарыне ў Празе. Мы пабывалі ў комплексе пабудоў былой іезуіцкай акадэміі, на мурах якой ёсць мемарыяльная дошка ў гонар першай старабеларускай друкаванай кнігі «Псалтыр», што ў тым самым будынку ў 1517 годзе была выдадзена на кірыліцы нашым славутым земляком. Усяго на працягу 1517-1519 гадоў Францыск Скарына пераклаў і выдаў тут 23 кнігі Бібліі. Акрамя таго, стала вядома, што ў 1535-39 гадах Скарына быў каралеўскім батанікам і стаўся адным з заснавальнікаў каралеўскіх садоў. У езуіцкай акадэміі на пачатку XVII стагоддзя вучыліся таксама і беларускія уніяцкія дзеячы Іосіф Руцкі і Рафал Корсак.
Брастчане ўсклалі кветкі на магілы, дзе пахаваны вядомыя беларускія дзеячы, першыя старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка, сусветна вядомы спявак Міхась Забейда-Суміцкі. А ў Старым горадзе нам паказалі будынак, дзе ў 30-я гады адбываліся пасяджэнні Рады БНР у эміграцыі і праходзілі святкаванні ўгодак яе абвяшчэння.
Убачылі мы і грамадскі дом, з балкона якога была абвешчана незалежнасць Чэхаславакіі ў 1918 годзе, а праз тры гады тут адбылася 1-я Ўсебеларуская палітычная канферэнцыя, з’ езд прадстаўнікоў беларускіх палітычных арганізацый Польшчы, Літвы, Латвіі і Германіі. У 20-я гады тут праходзілі святочныя вечары, прымеркаваныя да ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР.
Вядомы беларускі дзеяч Юрка Станкевіч з Прагі, аўтар некалькіх кніг і дапаможнікаў па вывучэнні беларускай мовы, якому летась споўнілася 85 гадоў і які ўжо рэдка выходзіць з дому, калі пачуў, што прыехалі дзеткі з Беларусі, кінуў усё, каб сустрэцца з намі. Ён запрасіў беларусаў да сябе.
Мы прыехалі са сваімі пернікамі, але Юрка паклапаціўся і прапанаваў дзеткам свае пірожныя. На працягу некалькіх гадзін цягнулася гутарка.
На могiлках першага старшыні Рады БНР Пётра Крэчэўскага
Сам гаспадар распавядаў пра сваё жыццё вельмі сціпла: нарадзіўся ў Вільні, вучыўся ў Празе, адкуль родам ягоная маці. Потым быў у эміграцыі – у Нямеччыне і Амерыцы. Служыў у амерыканскім войску. Працаваў інжынерам, у тым ліку і на заводзе Siemens. Юрка Станкевіч сціпла «забывае», што яго называюць «сэрцам беларускай Прагі», што дзякуючы яго намаганням дзеці беларускіх эмігрантаў у ЗША і Чэхіі не забыліся на родную мову…
Нашым деткам вельмі спадабалася падарожжа. У будучым яны хочуць наведаць іншыя краіны свету і паглядзець, як там жывуць нашыя беларусы.
Уладзімір Вялічкін (фота аўтара)