23.03.2015
Вандроўка ў Мірскі замак і Нясьвіжскі палац
Цудоўную і незабыўную вандроўку падараваў бацькам і вучням 4”Б” (Беларускага) класа ПШ № 34 г. Брэста дырэктар Беларускай службы “Радыё Свабода” спадар Аляксандр Лукашук.
Вучні 4”Б” разам з бацькамі і настаўніцай наведалі Мірскі замак – унікальны помнік беларускай нацыянальнай культуры, шэдэўр беларускай архітэктуры, выдатнага абарончага збудавання ХVІ-ХХ стагодзя, занесяны у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а таксама Нясьвіжскі палац – помнік архітэктуры ХVІ-ХVІІІ стагоддзя. Апошні ў ХVІ-ХХ стагоддзях служыў рэзідэнцыяй некараваных “каралёў” Вялікага Княства – князёў Радзівілаў.
Падарожжа пачалося ў першы дзень вясновых вакацыяў па новай дарозе з Берасця да Мірскаго замку. Дзьмуў моцны і сьцюдёны вецер, але ў “бусіку” было цёпла, гучала вясёлая беларуская музыка, ніхто нават уявіць сабе не не мог, што чакае вандроўнікаў наперадзе. Пакуль ехалі, а гэта каля трох гадзін у дарозе, дзеці паглядзелі фільмы на беларускай мове: “Адважнае сэрца” і “Шарэк – 3”.
Неўзабаве на даляглядзе паўстаў Мірскі замак. Прадчуваньні не падвялі дзетак. Мірскі замак, які прыйшоў у заняпад і пачаў разбурацца за савецкім часам, зараз адрамантаваны і ягоная “цацачныя” веліч і прыгажосьць уражваюць. Замак прапітан духам еўрапейскага сярэднявечча і гарманічна адлюстроўвае рысы чатырох стагоддяў беларускай гісторыі з нацыянальным каларытам. Муры Мірскага замка дасягаюць 3 метраў у таўшчыню, а падмурак сягае 4 метраў у глыбіню падмацаваны вялізнымі валунамі.
Падчас экскурсіі па замку дзеці змаглі пабачыць прасторныя шыкоўна абсталяваныя залы, сталовую з раскошнай столлю, кабінеты паляўнічых, бібліятэку, калекцыі мінералаў і каштоўных строяў, пабачылі арігінальныя фламандскія шпалеры, слуцкія паясы, партрэты Радзівілаў, сярэднявечную зброю і шмат іншага, што дазваляе зразумець, як жылі нашы славутыя продкі, чым займаліся і як бавілі вольны час. У сутарэньнях перахоўвалі ежу, там жа месьціца вінны склеп. Раздівілы мелі сваю шкляную мануфактуру…
Вучні з задавальненьнем караскалісь па вузкіх сходах і высокіх вежах, па змрочных склепеньнях. Задаволенныя і шчасьлівыя вандраўнікі ізноў рушылі ў падарожжа, гэтым разам да Нясвіжскага палаца…
Беларускі “маленькі Паріж”, палац у Нясвіжу зачароўвае. Ужо здалек мы пабачылі велічны парк, які цягнецца абапал вялікіх сажавак. Палац належаў тым самым “некаранованым каралям Рэчы Паспалітай” Радзівілам, якія сваёй заможнасьцю, уплывам і магутнасцю супернічалі з манархамі.
Некалькі стагоддяў Нясвіжскі палац з’яўляўся адным з найбуйнейшых культурных цэнтраў Еўропы, і ягоныя калекцыі не саступалі скарбам самых вядомых у свеце музеяў. Патрапіўшы ў сярэдзіну дзеці літаральна раз’зявілі рты ад такой прыгажосці і шмат у каго адвісла сківіца. Там усё такое, што цяжка ўявіць і шыкоўныя парадныя залы, арсенал, багатая калекцыя рыцарскай зброі, палацовая капліца, вынятковыя роспісы, мэбля, карціны, старыя люстры, ў якіх можна пабачыць калідор, адкуль прыходзаць прывіды. Менавіта тут упершыню ў Беларусі была заснавана людвісарыя – майстэрня па вырабе гарматаў.
Дзеці пакідалі палац пад моцным уражаньнем ад убачанага.
Рыхтуясь да падарожжа бацькі загадзя паклапацілісь, каб экскурсіі праводзілісь па-беларуску і ўсім было прыемна слухаць гісторыю Беларусі на беларускай мове.
* * *
Падчас вандроўкі мы ўвогуле бычылі мала экскурсій і вучняў, гэта быў час вясновых вакацый. Магчыма праз кошт квіткоў, які па-сапраўднаму збыт высокі для беларусаў. Квіткі для дарослых 80 тысяч рублёў, для школьнікаў 40 тысяч рублёў, экскурсія 200 тысяч…
Удзельнікі вандроўкі шчыра дзякуюць Аляксандру Лукашуку за магчымасць пабачыць гістарычныя мясціны Беларусі, а таксама жадаюць усім беларусам абавязкова наведаць гэтыя цудоўныя гістарычныя помнікі. Людзі павінны ведаць адкуль “іх род”!