18.05.2015
Наталка Бабіна і Андрэй Дынько на сустрэчы з Берасьцейцамі
У Берасьці 16 траўня адбылася сустрэча з пісьменніцай Наталкай Бабінай і з шэф-рэдактарам беларускай газеты “Наша Ніва” Андрэям Дынько.
Беларуская пісьменніца прэзентавала першы беларуска-ўкраінскі альманах “Справа”, які выдаецца Таварыствам украінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. У выданне ўвайшлі творы некалькіх дзесяткаў беларускіх і ўкраінскіх аўтараў, як старэйшых так і маладых. У альманахе размясціліся арыгінальныя творы класікаў і сучаснікаў. Гэта тэксты па-беларуску, па-ўкраінску, па-руску, а таксама на брэсцка-пінскіх гаворках.
Распавядае Наталка Бабіна: “ Праз літаратуру мы хочам у гэты складыны час праявіць салідарнасць з братамі-ўкраінцамі, зблізіць нашы народы. Немагчыма заставацца ўбаку падчас барацьбы дабра са злом. Справа кожнага з нас – зберагчы мову і культуру нашага памежжа, падтрымаць мясцовых аўтараў.”
Андрэй Дынько падараваў газету “Наша ніва”, распавёў пра павагу да роднай мовы, аб павазе беларусаў саміх да сябе: “Мы павіны ўявіць, што мы лепшыя, ганарыцца,што мы беларусы. Таму, што беларусы- працавітыя, спакойныя, церпялівыя. Не мы, так нашы дзеці і ўнукі будуць размаўляць паўсюль па-беларуску”.
Удзячная публіка таксама з цікавасцю праслухала інфармацыю аб сайце Таварыства
www.druzi.by і старонкі Таварыства ў сацыяльных сетках Фейсбук і ВК.
Напрыканцы сустрэчы Наталка Бабіна і Андрэй Дынько адказалі на шматлікія пытанні прысутных. Пасля прэзентацыі кожны чытач атрымаў у падарунак па альманаху “Справа” з аўтографам беларускай пісьменніцы.