26.10.2011
Як справы, клас беларускі? Вялікае бачыцца на адлегласці
Два месяцы як Брэст мае беларускамоўны клас. Прывыклі адзін да аднаго і да настаўніцы вучні, падумалі (ці перадумалі) аб правільнасці свайго выбару іх бацькі – чым не нагода звярнуцца да тэмы?
Хочаш мала, прасі шмат

Нагадаем, першапачаткова ад гарадскіх улад прасілі адчыніць два класы з беларускай мовай навучання: адзін у сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №27, другі – у пачатковай школе №34, дзе ён у рэшце рэшт і з’явіўся.
У 27-й школе такі клас вельмі хацелі бачыць Ларыса і Сяргей Божыкі, якія жадалі і мелі права вучыць сваю дачку Валю, па-першае, па месцы прапіскі, па-другое, на адной з дзяржаўных моў на іх выбар. Права выбіраць мову навучання замацаванае і ў Законе “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, і ў Кодэксе аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, аднак на практыцы звяртацца да гэтых законаў аказалася глухім нумарам. Ларыса Божык расказвае, што завуч школы №27 адразу папярэдзіла іх з мужам, што беларускага класа там не будзе і наогул параіла не ламаць будучыню Валі, бо пасля сканчэння падобнага класа яна не паступіць у расійскую ВНУ.
Божыкі такой развязкі не пабаяліся і працягвалі патрабаваць і верыць, і тое і другое, як аказалася, робячы дарэмна. У аддзеле адукацыі Ленінскага раёна, а пасля і ў гарадскім аддзеле адукацыі ім прапанавалі не выпендрвацца і аддаць Валю ў гімназію №3, дзе парэшткі беларускай мовы ў пачатковых класах пакуль захоўваюцца. Гэты варыянт сур’ёзна бацькамі нават не разглядаўся, паколькі чым-чым а харэаграфіяй яны нагружаць дзіцё, якое ўжо наведвае клас скрыпкі, ім не хацелася. Немагчымасць арганізаваць беларускамоўнае навучанне ў САШ №27 уладамі аргументавалася класічнай эканамічнай немэтазгоднасцю, чым, нагадаем, пару месяцаў таму тлумачылася і закрыццё дапаможнага класа ў школе №35.
У Маскоўскім раёне ініцыятыва Уладзіміра і Маргарыты Вялічкіных знайшла лагічны працяг у асноўным праз тое, што дзейнічалі бацькі Францішка больш стратэгічна. Яны не валаводзіліся з чыноўнікамі ад адукацыі, а паставілі пытанне перад кіраўніцтвам раёна і атрымалі абяцанне, што клас будзе адчынены нават для аднаго дзіцёнка.
Зрэшты ў адзіноце хлопчык не застаўся – на дадзены момант у класе навучаецца пяцёра вучняў, у тым ліку і Валя Божык.
Бацькі не шкадуюць, а школа?
Само па сабе стварэнне беларускамоўнага класа, безумоўна, дасягненне, але ці супаў вынік са спадзяваннямі дарослых? Асабліва нас цікавіла меркаванне тых бацькоў, што маглі аддаць ў клас сваіх дзяцей найперш з-за яго малакамплектнасці. А значыць адчуць дыскамфорт ад таго, што дзеці навучаюцца на беларускай мове. Каментары, аднак, атрымаліся вельмі пазітыўныя: “Прытэнзій пакуль няма. Наш сын прыходзіць дадому, раказвае, якія новыя беларускія словы ён ведае, чытае. Яму падабаецца вучыцца на беларускай мове – а нам падабаецца, што яму падабаецца,” – дзеліцца ўражаннямі ад навучання сына мама Ірына. Яе дапаўняе Надзея: “Калі дарэктар сказала, што адкрываецца клас з беларускай мовай навучання, я не думала ні хвіліны, і цяпер вельмі задаволена. Сама некалі заканчвала беларускамоўную школу і ведаю, наколькі гэта карысна нават з чыста прагматычных меркаванняў. Гэта тое, што пасля не адымеш. Думаю, што маё дзіця некалі будзе ўдзячнае мне гэтак жа, як і я ўдзячна сваім бацькам, што не пабаяліся мяне “напружыць” роднай мовай. Усё ж такі беларуская мова – гэта мова, на якой б’ецца наша сэрца”. Асобна бацькі падкрэсліваюць, што не маюць асаблівых нараканняў да адміністрацыі па арганізацыі навучання: падручнікі закупленыя, расклад вывешваецца на беларускай мове, новая мастацкая літаратура ў бібліятэку паступіла. “Я думаю, што ад беларускамоўнага класа ёсць карысць для ўсіх: для дзяцей, іх бацькоў і для школы,”– дадае Надзея.
Аднак у школы на гэты конт уласнае меркаванне. Ствараць пазітыўны імідж беларускамоўнаму класу яна не спяшаецца, пра што сведчыць вельмі дзіўная сістэма ўзгадненняў інтэрв’ю для прэсы. Адна справа, калі настаўніца просіць карэспандэнта атрымаць ад дырэктара дазвол на гутарку, і другая – калі дырэктар кажа: “А я ўзгадняю з начальнікам раённага аддзела адукацыі”. Трэба сказаць, працуе: ісці ў школу пасля гэтага начыста перахацелася, аднак не запытаць Юрыя Прасмыцкага, на што патрэбна яго ўзгадненне на кароткую размову з настаўніцай, я, натуральна, не магла. “Каб са школы выходзіла правільная, а не скажоная інфармацыя,”– быў адказ начальніка аддзела адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна. Як адно з адным звязана (можна ўзгадніць факт гутаркі, а напісаць, што заўгодна) і чаму не дастаткова ўзгаднення аднаго дырэктара, я так і не зразумела. Атрыманым у рэшце рэшт дазволам я карыстацца не стала: раз школе падабаецца, калі пра яе даведваюцца ад трэціх асоб, а не падаюць інфармацыю з вуснаў першакрыніц, няхай так і будзе. Уражання, што стварэнне беларускамоўных класаў на базе той навучальнай установы стане сістэмным і традыцыйным у мяне, на жаль, у выніку не ўзнікла.
Ініцыятыва зверху
Закончу нотай аптымістычнай, хоць і не напрамую да школы датычнай. Калі памятаеце, адначасова з беларускамоўнымі класамі ставілася пытанне пра беларускамоўную групу ў садку № 61, які наведвае Кастусь Божык. Дык вось – групу адчынілі без аніякіх праблем. Проста сказалі на бацькоўскім сходзе, што яна будзе беларускамоўная, і ўсе бацькі адзінагалосна пагадзіліся. У сувязі з гэтым Ларыса Божык разважае: “Беларусы прывыклі, што ініцыятыва павінна ісці зверху. Калі яна прыватная, да яе адразу ставяцца з недаверам. У класы не набралі дзяцей адзіна таму, што адміністрацыям школ гэта асабліва не трэба было. Калі б Міністэрства адукацыі распарадзілася стварыць хаця б па адным класе з беларускай мовай навучання ў кожнай школе, то класы гэтыя вельмі хутка набралі б”.
Цяпер Ларыса баіцца, каб праз некалькі год, калі Кастусю трэба будзе ісці ў першы клас, ёй зноў трэба будзе абіваць усе парогі і патрабаваць рэалізавацыі канстытуцыйных правоў свайго дзіцяці. Патрабаваць ад дзяржавы выканаць свой святы абавязак.